СТРАТЫГРАФІ́ЧНАЯ ШКАЛА́,

сукупнасць (эталон) стратыграфічных падраздзяленняў (стратонаў), якія адлюстроўваюць паслядоўнасць напластавання геалагічных слаёў у часе. Існуюць С.ш. агульная (міжнар.), рэгіянальныя і мясцовыя. Таксанамічным адзінкам С.ш. (эанатэма, эратэма, сістэма, аддзел, ярус, зона) адпавядаюць адзінкі геахраналагічнай шкалы (эон, эра, перыяд, эпоха, век, фаза; гл. Геахраналогія). Для антрапагенавай (чацвярцічнай) сістэмы прыняты больш дробныя адзінкі С.ш. (раздзел, звяно, ступень) і іх геахраналагічныя эквіваленты: фаза, пара, тэрмахрон, крыяхрон. Гл. таксама Стрататып, Стратыграфія.

Падраздзяленні С.ш. адлюстроўваюць агульныя заканамернасці (этапнасць) развіцця літа- і біясферы ва ўзаемадзеянні паміж сабой і з інш. абалонкамі планеты. Агульныя стратоны ўстанаўліваюцца метадамі: для фанеразою (эратэма — зона) — біястратыграфічным і інш.; для антрапагенавай сістэмы (раздзел—ступень) — біястратыграфічным з кліматастратыграфічным і геамарфалагічным; для дакембрыю — паводле даных геахраналогіі (тэктанічная цыклічнасць, працэсы метамарфізму). Падраздзяленні агульнай С.ш. звязаны з падраздзяленнямі рэгіянальных і мясц. С.ш. і служаць для міжрэгіянальнай, міжкантынент. і планетарнай карэляцыі геал. цел. Асновы С.ш. закладзены ў 1-й пал. 19 ст., калі пры вывучэнні разрэзаў Еўропы палеанталагічным метадам была вылучана большасць геал. сістэм. Міжнар. С.ш. зацвярджаецца на сесіях Міжнар. геал. кангрэса.

С.​А.​Кручак.

т. 15, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)